СІМФАНІ́ЧНАЯ МУ́ЗЫКА,
галіна інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання сімфанічным аркестрам Выразныя сродкі сімф. аркестра даюць магчымасць увасабляць разнастайныя творчыя задумы, складаныя драматург. канцэпцыі, значныя муз. вобразы як у манум. цыклічных кампазіцыях, так і ў невял. творах.
Вытокі С.м. ў інстр. ансамблевым музіцыраванні часоў антычнасці. У эпоху Адраджэння склаўся спецыфічны інстр. (ансамблева-аркестравы) стыль, у 17 — пач. 18 ст. сфарміраваліся жанры С.м.: сюіта, канцэрт, уверцюра. У выніку развіцця класічнага складу сімф. аркестра сталі фарміравацца санатна-цыклічныя формы і жанр сімфоніі ў творчасці кампазітараў мангеймскай школы і венскай класічнай школы, якая дала класічныя тыпы сімфоніі, канцэрта, уверцюры. У 19 ст. ўзніклі новыя жанры. удасканалены і інструменты сімф. аркестра. павялічылася роля дырыжора; паглыбіліся сувязі С.м. з опернай, балетнай, харавой, камернай музыкай.
Значнае месца ў С.м. займае праграмная музыка (сімфоніі, сімфанічныя паэмы, сімфанічныя карціны, сімфанічныя фантазіі і інш.). Да сімф. форм належаць таксама сімфаньета, варыяцыі, рапсодыя, скерца, капрычыо, уверцюра, легенда, марш, папуры, танец і інш. У канцэртны сімф. рэпертуар уваходзяць аркестравыя фрагменты з опер, балетаў, музыкі да драм. спектакляў, кінафільмаў і інш. У С.м. знайшлі ўвасабленне найб. значныя ідэі, тэмы і вобразы, разнастайныя маст.-эстэт. плыні (рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.), яскрава выявіліся асаблівасці нац. кампазітарскіх школ Высокімі дасягненнямі адзначана рус. С.м. (М.Глінка, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, А.Глазуноў, С.Рахманінаў, А.Скрабін, І.Стравінскі, М.Мяскоўскі, Дз.Шастаковіч, С.Пракоф’еў і інш.).
На Беларусі С.м. — адна з вядучых галін прафес. кампазітарскай творчасці, у якой адлюстраваны гісторыя народа, ідэі і вобразы сучаснасці, прыроды, нар. паданняў, казак, легенд і інш. Цікавасць да С.м. праявілася ў 1920-я г. (М.Аладаў, М.Чуркін, Я.Цікоцкі і інш.). Сярод жанраў бел. С.м.: сімфонія, сімф. паэма, сюіта, уверцюра, карціна, фантазія. Шырока прадстаўлены ў бел. С.м. прынцып праграмнасці.
Літ.:
Бобровский В. Симфоническая музыка // Музыка XX в. М., 1976. Ч. 1, кн. 1;
гл. таксама да арт. Сімфанізм, Сімфонія.
Т.А.Дубкова.
т. 14, с. 388